Развіццё беларускай пісьменнасці
|
  Найважнейшай падзеяй у гісторыі ўсходніх славян стала далучэнне ў X стагоддзi да хрысцiянскай цывiлiзацыi. Разам з хрысцiянствам на нашы землi прыйшла пiсьменнасць на стараславянскай мове i паступова выцiснула язычнiцкую культуру i iншыя сiстэмы лiтарнага пiсьма, што iснавалi ва ўсiх славян у IX стагоддзi.
  У гэты час важную ролю ў развіцці пісьменнасці, кніжнасці, адукацыі і ўсёй культуры адыгрывалі манастыры, храмы, а таксама манахі, святары. Многія з іх былі вельмі адукаванымі людзьмі, ведалі некалькі замежных моў. Пры манастырах адкрываліся школы, ў якіх дзеці вучыліся чытанню, пісьму, асновам матэматыкі, царкоўным спевам.
  У якасці асноўных падручнікаў выкарыстоўваліся царкоўныя кнігі: Псалтыр, Часасловец, Апостал. Навучанне складалася з некалькіх этапаў. Першапачаткова завучвалі на памяць азбуку. Затым пачыналі пісаць літары на бяросце або на дошчачках пісаламі. Пасля гэтага засвойвалі цітлы (надрадковыя знакі ў выглядзе ламанай лініі), якія ставілася над скарочанымі словамі або літарамі і мелі яшчэ лічбавае значэнне.
  Некалькі пазней ў вялікіх гарадах, пры манастырах і княжых дварах пачалі адкрывацца школы, дзе вучням давалі і шырокую свецкую адукацыю. У іх акрамя адзначанага вышэй вывучалі грэцкую і лацінскую мовы, прыродазнаўчыя дысцыпліны, рыторыку, гісторыю, паэтыку (да гэтага прыцягваліся найбольш здольныя вучні).
  Пашырэнню асветы садзейнічалі і госці з іншых замежных дзяржаў, найперш з Візантыі, якія прывозілі кнігі і дзяліліся новымі ведамі, распавядалі пра розныя краіны.
  Менавіта ў гэты час сфарміраваліся і паспяхова развіваліся Полацкае і Тураўскае княствы – першыя дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Калыскай беларускай культуры з’яўляецца Полацкая зямля.
  Полацкае княства ўяўляла сабой найбольш значную самастойную палітычную адзінку на ўсходнеславянскіх землях ў XI–ХII стагоддзях і дасягнула найвышэйшых поспехаў. Полацк меў выхад да Балтыйскага мора, яму плацілі даніну латгалы і лівы. Пад яго ўладай развіваліся і мацнелі больш за 20 гарадоў, у якіх добра развіваліся рамёствы, гандаль і культура. У гэты час тут былі пабудаваны першыя мураваныя храмы, умацаваныя палацы-замкі, паспяхова развіваліся асвета і мастацтва. У Полацку, Тураве, Смаленску тварылі буйныя дзеячы ў галіне культуры. Як сведчаць апошнія даследаванні беларускіх археолагаў, Полацк у той час па сваёй плошчы быў роўны Кіеву.
  Далейшае развіццё ўнутранага і знешняга гандлю, рамёстваў, будаўніцтва запатрабавала людзей, якія валодаюць адмысловымі ведамі. Так узніклі першапачатковыя формы профільнай адукацыі, якія вабілі да сябе нашчадкаў рамеснікаў і купцоў. Асвета таго часу ў значнай ступені абапіралася на кніжныя традыцыі, народную педагогіку, практычныя веды і ўменні, якія ўжываліся з рэлігійна-дыдактычнымі павучаннямі.
  Яркім сведчаннем высокай культуры ўсходніх славян з'яўляецца летапісанне, якое захавала шматлікія факты, падзеі, імёны. Ужо ў ранніх летапісах ("Аповесці часовых гадоў", "Іпацьеўскім летапісным зводзе") адлюстроўваліся важныя падзеі з жыцця і гісторыі Полацкай, Смаленскай, Тураўскай, Навагрудскай зямель.
  З першай паловы ХIII стагоддзя пачала фарміравацца непасрэдна старабеларуская пісьменнасць. На базе гутарковай мовы з’явіліся пісьмовыя помнікі з характэрнымі прыкметамі старабеларускай мовы. Да іх, у прыватнасці, адносяцца: дагаворная грамата смаленскага князя Мсціслава, падпісаная ім з Рыгай і Готландам; дагавор з Рыгай невядомага смаленскага князя (каля 1230); грамата полацкага князя Ізяслава (каля 1265) і іншыя.
  У ХIV–ХV стагоддзях у асноўным завяршылася фарміраванне старабеларускай мовы, яе фанетычных і сінтаксічных асаблівасцей і заканамернасцей. Пры гэтым, у беларускай мове захавалася поўнагалоссе, запазычанае з агульнай усходнеславянскай мовы. Паступова з’явіліся і замацаваліся спецыфічныя "аканне" і "яканне", "дзэканне" і "цэканне", цвёрдыя шыпячыя, "ц" і "р", фрыкатыўнае вымаўленне гука «г» і іншыя фанетычныя рысы, якія дайшлі да нашых дзён. Можна меркаваць, што ў жывой мове гэтыя рысы ўзніклі яшчэ раней. Вучоныя-філолагі лічаць, што старабеларуская літаратурная мова сфарміравалася на аснове віленскага, навагрудскага і маладзечанскага говараў.
  У XIII стагоддзі беларускія землі ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага і іншых зямель, а ў ХIV стагоддзі старабеларуская мова стала дзяржаўнай, афіцыйнай мовай канцылярыі і справаводства ў ВКЛ. На ёй пісаліся законы, праводзіліся пасяджэнні сеймаў, вялася дыпламатычная перапіска.
  Адукаваныя кніжнікі Вялікага Княства Літоўскага праяўлялі цікавасць да сярэдневяковай грэка-візантыйскай духоўнай спадчыны i багатай рымска-каталіцкай літаратуры. Аб гэтым сведчаць шматлікія пераклады, перапісванне, цытаванне адпаведных твораў хрысціянскіх і свецкіх аўтараў і складанне змястоўных каментароў да іх. Папулярнай была і перакладная рэлігійная і свецкая літаратура з грэчаскай, старажытнаяўрэйскай, лацінскай моў: Біблія, Евангелле, Псалтыр, жыціі святых, фантастычная аповесць пра Аляксандра Македонскага "Александрыя", аповесць Язэпа Флавія аб знішчэнні Ерусаліма ("Юдэйская вайна").
  З вынаходніцтвам ў сярэдзіне XV стагоддзя І. Гутэнбергам друкаванага станка з'явілася магчымасць друкаваць кнігі і на Беларусі. Прынята лічыць, што тут першапраходцам быў знакаміты Францыск Скарына. Аднак нельга забываць, што ў 1491 годзе ў Кракаве немец Ш. Фіоль выдаў "рускімі літарамі" (г. зн. кірыліцай) для праваслаўнага люду богаслужбовыя зборнікі "Октоих" і "Часаслоў". Гэтыя кнігі, хутчэй за ўсё, друкаваліся для праваслаўных беларусаў, бо палякі карысталіся лацінкай.
  Для параўнання заўважым, што ў літоўскай народнасці кніжнасць з'явілася толькі ў XVI стагоддзі. Ёсць звесткі, што польскі кароль Ягайла (Ягайла (ў праваслаўі – Якаў, у каталіцтве – Уладзіслаў) – князь віцебскі, вялікі князь літоўскі (1377–1392), кароль польскі (1386–1434) і вярхоўны князь літоўскі (1392–1434), сын Альгерда і яго другой жонкі, цвярскай княжны Юліяніі, заснавальнік дынастыі Ягелонаў, адной з галін дынастыі Гедзімінавічаў, якая да канца XVI стагоддзя была кіруючай дынастыяй Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы) да канца жыцця размаўляў "па-старабеларуску".