Бібліятэчная справа ў Рэчы Паспалітай
|
  1 ліпеня 1569 года на сойме ў Любліне была заключана ўнія, паводле якой Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае і іншых зямель злучалася з Каронай Польскай у адну дзяржаву, якая атрымлівала назву Рэч Паспалiтая.
  Для iншых дзяржаў Рэч Паспалiтая была адзiным цэлым утварэннем, але ўнутры яе iснавала дзяленне на карону або Польшчу (у яе склад уваходзiлi польскiя i ўкраiнскiя землi) i ВКЛ (якое складалася з зямель сучаснай Літвы, Беларусі i некаторых рускiх зямель).
  Альтэрнатывай саюза з Польшчай для ВКЛ магло быць заключэнне ўнii з Масковiяй i прызнанне над сабой улады Iвана IV цi яго сына. Але маскоўскае дваранства не мела такой вольнiцы як польскiя шляхцiчы. Больш таго, гэта быў час апрычнiны, дэспатычны рэжым Iвана IV адпужваў ліцвінскую шляхту.
  А ў 1596 годзе была прынята Брэсцкая (Берасцейская) унія, аб’яднаўшая праваслаўную і каталіцкую цэрквы. На самой справе праваслаўная царква ставілася ў падначаленае становішча ў дачыненні да каталіцтва. Шэраг праваслаўных храмаў былі пераўтвораны ва ўніяцкія: з 1636 па 1755 гады 164 праваслаўныя царквы і 5 манастыроў сталі ўніяцкімі. Нярэдка кнігі з праваслаўных бібліятэк канфіскаваліся, рабіліся падчысткі, прыпіскі, палемічныя заўвагі.
  Буйнейшая праваслаўная бібліятэка Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра становіцца ўніяцкай. Пры архімандрыце Герасіме Веліконціі (1609–1635) манастыр фармальна прыняў унію, але яшчэ цэлае стагоддзе захоўваў знешнія прыкметы праваслаўя. У манастыры перапісваліся шматлікія помнікі візантыйскай, старажытнарускай, балгарскай і сербскай літаратуры, выданні Ф. Скарыны, помнікі музычнай культуры. Пазней царкоўнаславянскія і ўніяцкія кнігі выдаваліся ў Супрасльскай друкарні, заснаванай на пачатку 1690-х гадоў. Яна дзейнічала да 1803 года.
  Кнігі для чытання выдаваліся і свецкім асобам. Напрыклад, бібліятэкай Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра карыстаўся Януш Радзівіл – дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, гетман поўны літоўскі (1646–1654), ваявода віленскі (з 1653) і гетман вялікі літоўскі (з 1654).
  У буйных гарадах Беларусі: Полацку, Віцебску, Гародні (Гродна), Брэсце, Менску, Навагрудку і інш., асабліва ў пачатку XVII стагоддзя, распаўсюдзілася будаўніцтва касцёлаў, каталіцкіх кляштараў і школ бернардынцаў, бенедыкціянцаў, дамініканцаў, кармелітаў, базыльян. Умацаваліся пазіцыі езуітаў.
  У 1570 годзе ў Вільні была арганізавана езуіцкая калегія, ператвораная ў 1579 годзе ў акадэмію з правамі ўніверсітэта. Бібліятэка, якая існавала пры калегіі і ўніверсітэце, на працягу амаль двухсот гадоў была самай буйной і ўплывовай на тэрыторыі Літвы і Беларусі. У 1773 годзе яна налічвала 11 тысяч экземпляраў кніг, у асноўным рэлігійнага зместу, на лацінскай мове. Езуіты выкарыстоўвалі бібліятэку для правядзення сваёй асімілятарскай дзейнасці ў галіне асветы, для распаўсюджвання сярод выхаванцаў універсітэта схаластычных ведаў, заснаваных на царкоўных догматах.
  Рэакцыйнай у адносінах да беларускага народа была асімілятарская дзейнасць каталіцкіх і ўніяцкіх бібліятэк, якія пачалі стварацца з канца XVI стагоддзя на тэрыторыі Беларусі пры кляштарах. Найбольш шырокае распаўсюджванне яны атрымалі пазней – у другой палове XVII – першай палове XVIII стагоддзяў.
  Праграмай дзейнасці бібліятэк каталіцкіх манастыроў у другой палове XVI – XVII стагоддзяў служылі рашэнні Трыдэнцкага царкоўнага сабора, звярнуць асаблівую ўвагу на ўпарадкаванне манастырскіх бібліятэк. Стварэнне бібліятэк было адным з найважнейшых патрабаванняў статута манастыроў. У абавязкі бібліятэкара ўваходзіла вядзенне каталога, захоўванне i ўтрыманне ў парадку кніг, расстаноўка іх на паліцах па «факультэтах», выяўленне даўжнікоў сярод чытачоў. Карыстацца фондамі бібліятэк дазвалялася толькі сябрам дадзенага манастыра.
  У 1559 году па рашэнні Трыдэнцкага сабора ўпершыню быў складзены "Індэкс забароненых кніг» (Index Librorum Prohibitorum) – афіцыйны пералік кніг, чытанне якіх забаранялася пад пагрозай адлучэння ад каталіцкай царквы. Ён неаднаразова перавыдаваўся ў Ватыкане, папаўняючыся новымі назвамі.
  Пры асобных каталіцкіх кляштарах – езуіцкім і дамініканскім ў Полацку, Слонімскім манастыры бернардынцаў і іншых – меліся бібліятэкі, у якіх да канца XVIII стагоддзя налічвалася больш за 5 тысяч экземпляраў друкаваных і рукапісных кніг. Фонды ж большасці бібліятэк былі малалікія, яны фармаваліся ў строгай адпаведнасці з «Індэксам забароненых кніг» і служылі надзейнай апорай каталіцкай рэакцыі.
  У канцы XVI–XVII стагоддзяў своеасаблівай формай барацьбы беларускага народа супраць каталіцкай экспансіі і нацыянальнага прыгнёту была дзейнасць праваслаўных царкоўных брацтваў. У шэрагу найбуйнейшых гарадоў Беларусі братэрствы стваралі друкарні, дзе выдавалася рэлігійная і свецкая літаратура: буквары, граматыкі, палемічная і рэлігійна-палітычная публіцыстыка антыкаталіцкага і антыўніяцкага зместу.
  Акрамя таго, праваслаўныя братэрствы арганізоўвалі прыватныя школы. Гэтыя школы спрыялі павелічэнню колькасці пісьменных гараджан, у асноўным мяшчан, дробнай беларускай шляхты і духавенства. Пры брацкіх школах ствараліся бібліятэкі, аснову фонду якіх складалі галоўным чынам выданні брацкіх друкарняў. Найбольш значнымі былі бібліятэкі Магілёўскай, Брэсцкай, Менскай і Полацкай брацкіх школ. Аднак у канцы XVII стагоддзя большасць праваслаўных брацкіх школ, друкарняў і бібліятэк былі разгромленыя.
  Больш прагрэсіўнымі былі бібліятэкі каталіцкага ордэна піяраў. У бібліятэцы піярскага манастыра ў Шчучыне да канца XVIII стагоддзя налічвалася каля 1,5 тыс. кніг, сярод якіх пераважалі кнігі па прыродазнаўству, медыцыне, матэматыцы. Распаўсюджваючы навуковыя веды і свецкую літаратуру, пiярскiя школы і бібліятэкі спрыялі ажыццяўленню агульнай рэформы асветы ў Рэчы Паспалітай.
  У канцы XVIII стагоддзя з ростам колькасці народных вучылішчаў павялічылася і колькасць бібліятэк. Яны ўтрымліваліся на сродкі грамадскага апякунства, падборам і распаўсюджваннем кніг займаліся настаўнікі.
  Бібліятэкі народных вучэльняў былі важнымі цэнтрамі распаўсюджвання і прапаганды прагрэсіўных ідэй рускіх і замежных мысляроў. У 90-х гадах XVIII стагоддзя ў бібліятэцы Полацкага народнага вучылішча налічвалася 425 назваў кніг. Больш за 80% складалі творы рускай і заходнееўрапейскай літаратур, а таксама працы па прыродазнаўству.
  У сувязі з узрослай патрэбай грамадства ў мастацкай і навуковай літаратуры ў губернскіх гарадах Беларусі пры губернскіх упраўленнях адкрываліся друкарні. Ствараліся і прыватныя друкарні. Распаўсюджванню кніг спрыяў і кніжны гандаль.