|
ПАСЕЛІШЧЫ БЕЛАРУСАЎДля Беларусі здаўна былі ўласцівыя размаітыя, існуючыя з глыбіні стагоддзяў і стаўшыя традыцыйнымі тыпы паселішчаў. Вёска Вёска (ад старажытнаславянскага "весь") – асноўны тып паселішчаў. Вядома з глыбокай старажытнасці, утваралася ў выніку рассялення земляробаў, якія асядалі ў пэўнай мясцовасці, зручнай для пражывання; будавалі тут сядзібы, уладкоўвалі і пашыралі аграрную гаспадарку. Жыхары вёскі – гэта ў асноўным сяляне, асноўны занятак іх – сельская гаспадарка – земляробства, жывёлагадоўля і разнастайныя промыслы. На працягу многіх стагоддзяў вёска з’яўлялася асяродкам самабытнай культуры, захавальніцай багатых духоўных традыцый і вытворчага вопыту. Асноўнай структурнай адзінкай вёскі была сядзіба (двор), якая складалася з жылля і цэлага комплексу падсобных і гаспадарчых пабудоў. Амаль кожны сялянскі двор на працягу стагоддзяў уяўляў самой універсальную гаспадарку, якая сама амаль цалкам забяспечвала ўсе патрэбы: вырошчвала збожжа і розныя сельскагаспадарчыя культуры, выпякала хлеб, гатавала розныя прадукты і кулінарныя вырабы, апрацоўвала лён, пяньку, футру, скуры, ткала тканіны, вырабляла адзенне і абутак, будавала жыллё, майстравала розныя прылады, транспартныя сродкі, прадметы паўсядзённага ўжытку. Група суседніх вёсак утварала сельскую акругу (воласць), якая вызначалася народным адзінствам, значным падабенствам духоўнага і эканамічнага жыцця. Абсалютная большасць шлюбаў заключалася ў межах гэтых акруг. Вёска за 5–10 вёрст лічылася ўжо "чужой стараной", і дзяўчаты неахвотна ішлі туды замуж. Гісторыя ўзнікнення вёсак, мясцовы рэльеф, памеры, сацыяльны склад аказвалі ўплыў на іх забудову і планіроўку. На Беларусі былі распаўсюджаны некалькі планіровачных форм паселішчаў: свабодная (бессістэмная, скучаная), радковая (лінейная), вулічная, гнездавая. Свабодная (скучаная) планіроўка вядома са старажытных часоў. Яна характарызуецца хаатычным размяшчэннем сядзіб у залежнасці ад зручнага месца і рэльефу. Да пераходнага тыпу адносіцца гнездавая планіроўка, калі група сем’яў, звязаных кроўнай роднасцю, сялілася вакол цэнтральнай (прадзедаўскай) сядзібы ўсё далей і далей да перыферыі, утвараючы з цягам часу вялікае родавае "гняздо" аднафамільцаў. Такая планіроўка часцей за ўсё сустракалася на Палессі, дзе існавала шмат вялікіх вёсак, што складаліся з некалькіх родавых груп сем’яў, сядзібы якіх цесна прымыкалі адна да адной. Радковая планіроўка ў значнай ступені была абумоўлена характарам рэльефу і часта сустракалася ў прырэчных вёсках, дзе жыллё і іншыя памяшканні будаваліся ў адзін рад, выходзячы фасадам да ракі. Пры гэтым вуліца, што праходзіла каля сядзіб, абмяжоўвалася з другога боку берагам ракі ці возера. Сяло Сяло, як і вёска, з’яўляецца старажытным тыпам сельскіх паселішчаў, пры гэтым не заўсёды можна па знешніх прыкметах вызначыць істотную розніцу паміж імі. Звычайна сяло было адміністрацыйным цэнтрам воласці ці прыхода, да якога цягнуліся суседнія вёскі, хутары, засценкі. Асноўная прыкмета сяла – наяўнасць тут царквы, валасной управы, карчмы, крамы і іншых грамадскіх устаноў. У святочныя дні сюды сцякаўся народ з сельскай правінцыі на богаслужэнне, кірмашы і таргі. Сяло адрознівалася ад вёскі сваімі памерамі. Часам яго называлі пагостам. Некаторыя сёлы вырасталі ў мястэчкі, некаторыя страчвалі сваё значэнне, паступова прыходзілі ў заняпад, нівеліравалася розніца паміж імі і вёскай. Слабада Слабада (воля, волька) – гэта новыя пасяленні жыхароў, вызваленых на пэўны час ад феадальнай павіннасці. Кожны раз пасля чарговай вайны сяляне аднаўлялі разбураныя раёны, распрацоўвалі пусткі, уладкоўвалі жыллё, адраджалі не толькі сваю, але і панскую гаспадарку. Так утвараліся новыя паселішчы, аб паходжанні якіх сведчаць шматлікія тапонімы, што захаваліся на геаграфічнай карце, – слабада, слабодка, слабуды, воля, волька, вулька і т.п. Пасля заканчэння вызначанага тэрміну слабада набывала статус звычайнай вёскі, хаця яе ўклад і культура вызначаліся некаторымі своеасаблівымі рысамі ў адрозненне ад мясцовых вёсак. Аколіца Аколіца – паселішча дробнай шляхты, якая сялілася асобна ад сялян-вяскоўцаў. Была агароджана з усіх бакоў, вызначалася сваёй забудовай, бессістэмнай планіроўкай, наяўнасцю тупіковых завулкаў і сцежак. Найбольш пашырана была ў ХVІІ–пачатку ХХ ст. Утваралася са шляхты, што служыла ў магнатаў, пазней – і аднадворцаў; у значнай ступені складалася з далёкіх і блізкіх сваякоў. Фальварак Фальварак (ад нямецкага Vorwerk – хутар) – невялікае пасяленне ў некалькі двароў, першапачаткова абазначаў феадальную гаспадарку, маёнтак, дзе жыў феадал. Вялікія маёнткі мелі некалькі феадальных сядзіб – фальваркаў. Пасля аграрнай рэформы 1557 г. фальварак стаў асновай арганізацыі феадальнай (фальварачна-паншчыннай) гаспадаркі. Тут у цэнтры сядзібы стаяў панскі дом, разнастайныя гаспадарчыя і прамысловыя пабудовы, у прыватнасці свірны, скляпы, гумны, адрыны для сена, канюшня, вазоўня, рамесныя майстэрні, кузня, млын, бровар, карчма, пякарня, вяндлярня, сырніцы, размяшчаліся сажалкі, дзе вырошчвалі рыбу, побач – пладовы сад, пасека. Фальварак, такім чынам, быў свайго роду аграрна-прамысловым комплексам. У некаторых фальварках ствараліся мануфактуры па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, апрацоўцы лесу, вырабу шкла, ткацкія і інш. Засценак Засценак – паселішча дробнай шляхты ў 1–3 сядзібы. Узнікла пасля рэформы 1557 г. разам з так званымі ўстаўнымі вёскамі. У сувязі з рэформай уся зямля дзялілася на тры часткі, тры полі; аднак шмат зямельных астраўкоў і ўрочышчаў заставаліся за межамі ("за сценкамі") асноўнага масіву, яны здаваліся ў арэнду дробнай шляхце. Так узнікалі засценкі, якія адрозніваліся ад хутароў сацыяльным паходжаннем жыхароў. З цягам часу (у выніку сямейных падзелаў) засценкі маглі павялічвацца да 5–10 і болей сядзіб. У савецкі час засценкі зніклі, як у выніку ссялення жыхароў з хутароў, так і перайменавання іх у вёскі. Хутар Хутар – абасобленая сялянская гаспадарка з сядзібай, якая знаходзілася непасрэдна на зямельным надзеле селяніна. Узнікалі пасля рэформы 1861 г., аднак масавы характар працэс хутарызацыі набыў у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. у сувязі са сталыпінскай аграрнай рэформай. Рост хутароў прадаўжаўся і ў 20-ыя гады і быў перапынены прымусовай калектывізацыяй і ліквідацыяй "кулацтва" як класа. У Заходняй Беларусі хутары захаваліся да 50–60-ых гадоў, калі не лічыць асобных выпадкаў адасобленых пасяленняў, якія сустракаюцца і ў наш час. Мястэчка Мястэчка – гістарычны тып паселішча, што ўвасабляў у сабе пераходныя рысы сяла і горада, аб чым сведчыць і паходжанне самой назвы: "miasteczko" (польск.) – гарадок. Мястэчкі з’яўляліся гандлёва-рамеснымі цэнтрамі, пэўную ролю тут адыгрывала і сельская гаспадарка. Узнікалі з ХV–ХVІ стст. на гандлёвых шляхах пры княжацкіх маёнтках, феадальных замках, манастырах, вырасталі з магнацкіх сёл і вёсак, часам – сярод лясоў "на сырым карані", – у гэтым выпадку магнаты вызвалялі мігрантаў на пэўны тэрмін ад падаткаў. Сацыяльны і этнічны склад местачкоўцаў быў даволі стракатым, у большаці мястэчак пераважала яўрэйскае насельніцтва. У ХVІ–ХVІІ стст. на Беларусі налічвалася больш за 300 мястэчак, большасць з іх – у заходняй частцы краіны. Многія карысталіся магдэбургскім правам – правам на самакіраванне. Мястэчка мела центральны гандлёвы пляц, які ажываў у час кірмашоў; вакол яго размяшчаліся храмы, будынкі местачковай управы, пастаялы двор, карчма, гандлёвыя лаўкі. У савецкі час большасць мястэчак страціла сваё значэнне гандлёвых цэнтраў і была пераведзена ў разрад звычайных вёысак, меншая частка – атрымала статус гарадоў і гарадскіх пасёлкаў. |