|
НАРОДНЫЯ СВЯТЫБольшасць беларускіх народных святаў ўзнікла на агульнай усходне-славянскай глебе. Старажытная абраднасць ляжыць у аснове Калядаў, масленіцы, шчадравання, Купалля, Дзядоў і інш. Адметная рыса старажытных беларускіх народных абрадаў – цесная повязь побытава-працоўнага, язычніцкага і хрысціянскага. Святы ў аснове сваёй захавалі народную спецыфіку і нацыянальны каларыт. У іх прысутнічаюць элементы тэатральнага дзеяння. 3 імі звязана сялянска-абрадавая паэзія. Каляды Каляды – народнае зімовае свята дахрысціянскага паходжання. Працягваецца дванаццаць дзён з 24 снежня (6 студзеня) па 6 (19 студзеня) – з Нараджэння Хрыстова да Хрышчэння Гасподняга (Вадохрышча). На Беларусі хрысціянская абраднасць святкавання Каляд шчыльна пераплецена з народнымі святочнымі звычаямі. Першая вячэра (6–7 студзеня), што мела назву "Поснай" ці "Вялікай Куцці" – гэта канец шасцітыднёвага Піліпаўскага паста, пачатак святочных дзён і вечароў. Напярэдадні Калядаў з самай раніцы ў кожнай хаце старанна прыбіраліся, уся сям'я мылася, а пасля пачыналі гатаваць вячэру. За стол сядалі, як толькі на небе з'яўлялася першая зорка. У гэтым звычаі адлюстраваліся вядомыя хрысціянскія ўяўленні аб цудоўнай зорцы, якая паказвала вандроўнікам шлях да месца, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос. Пад абрус на святочны стол абавязкова падкладалі сена, што асэнсоўвалася як напамін аб тым, што Ісус адразу пасля нараджэння быў пакладзены на сена ў яслях. Збожжа, прызначанае для сяўбы, ставілі ў рэшаце на покуць, дзеля павышэння ўрадлівасці. Гаспадар запрашаў за святочны стол Дзядоў, чыя прысутнасць была гарантам жыццёвай стабільнасці ўсяго роду. Святочная вячэра складалася з 12 страваў. Для Каляд характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці): посная (вялікая) спраўляецца перад 1-м святочным днём, багатая (тоўстая, шчодрая) з мяснымі стравамі – у Шчодры вечар (вечар перад Новым годам), посная (галодная, вадзяная) – перад Вадохрышчам. Наладжваліся калядаванне, варажба, шматлікія забавы, гульні; спявалі калядныя песні. Калядаванне – народны традыцыйны звычай хаджэння каляднікаў па хатах на Каляды з выкананнем велічальных калядных песень, тэатралізаваных сцэнак, пераапрананнем у «казу», «мядзведзя», «кабылу», «жорава». За гэта каляднікам давалі дарункі (сала, каўбасы). У аснове калядавання – старажытная аграрная абраднасць, агульным прызначэннем якой было паскарэнне надыходу цяпла (паводле народнага выразу «ад каляд сонца паварочвала на лета») і забеспячэнне добрага ўраджаю ў новым гаспадарчым годзе пры дапамозе магічных дзеянняў. Вечар напярэдадні Новага года (з 13 на 14 студзеня) называецца "шчодрым", "ласым". Гэтую назву свята атрымала ад шчодрай куцці. На стол ставілі смажаныя каўбасы, свежаніну, сыр, яечню, бліны з верашчакай. У цэнтры навагодняй абрадавай ежы знаходзілася мяса свінні, якая з-за сваёй пладавітасці ўспрымалася, як сімвал урадлівасці. Для таго, каб куры несліся дома, а не на чужых дварах, пасля святочнай вячэры прыносілі ў хату абруч, выкладвалі ў яго рэшткі вячэры і кармілі ў гэтым абручы курэй. Сустрэча Новага года абавязкова суправаджалася шчадраваннем. Цэнтральнай дзеючай асобай шчадроўнага гурту была "каза" – жвавы, здатны да танцаў хлопец, апрануты ў вывернуты кажух. Ён трымаў у руках зробленую з дрэва або з паперы галаву казы. "Казу" суправаджаў павадыр, які павінен быў умець складна гаварыць. У гурт таксама ўваходзілі музыканты, механошы, песеннікі, якія падтрымлівалі галоўных дзеючых асоб. Трэцяя, «Посная», «Вадзяная» куцця (18–19 студзеня), супадае з Вадохрышчам. Менавіта ў памяць аб Хрышчэнні Ісуса Хрыста ў водах Іардану ўстаноўлена гэта свята. Святочная вячэра складалася з няцотнай колькасці посных страў. У хрысціянскім свеце на Хрышчэнне знайшлі адбітак старажытныя вераванні ў магію вады. Апоўначы гаспадыні хадзілі на рэчку ці на возера і чэрпалі ваду, якую пасля захоўвалі, як гаючую. У некаторых вёсках на Хрышчэнне на рэчцы выраблялі са снегу і лёду вялікі крыж, які спачатку палівалі вадой, а потым – бураковым расолам, каб ён набыў чырвоны колер. Побач знаходзілася вялікая бочка з вадой, якую асвячаў святар. У гэты дзень выконваўся таксама абрад «запісвання Каляды», мэтай якога была засцярога дома, усёй гаспадаркі ад уздзеяння нячыстай сілы. Дзеля гэтага гаспадар вынімаў з печы гаршчок з куццёй, ставіў у ім зроблены з лучыны крыж, які на другі дзень апускаўся ў ваду. Вечарам гаспадар, узяўшы першы блінец ці верх куцці, абыходзіў усе свае будынкі і маляваў на сценах крыжы крэйдай. На працягу ўсіх Калядаў забаранялася займацца гэтак званымі "крывымі" працамі (шыць, віць, плесці, рабіць крывога і колападобнага, сячы сякераю), іначай, казалі, дзеці і жывёла, якія павінны з'явіцца на свет, абазязкова народзяцца "крывыя", пакалечаныя. Непажадана было пазычыць што-небудзь з хаты, асабліва агонь, хлеб, дзяжу – гэта магло прывесці да нястачы ў гаспадарцы. З другога боку, лічылася, што той, хто першы на Каляды пойдзе па ваду, будзе здаравейшы за ўсіх, а калі свінням на першы дзень пасля Куцці кінуць у вочы снегу – іх ніхто не зможа сурочыць на працягу года. Купалле У разгар лета ў Беларусі адзначаюць Купалле – адно з найстаражытнейшых народных святаў, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі. Магічныя абрады і рытуалы Купалля ўзніклі яшчэ ў паганскія часы. "Купала" азначала "сярдзітае", "гарачае", "якое кіпіць гневам", "лютае" – менавіта так продкі ўяўлялі сонца і яго цудадзейную сілу. З распаўсюджваннем хрысціянства да Купалля быў прымеркаваны дзень нараджэння Іаана Хрысціцеля (па праваслаўным календары свята адзначаюць у ноч з 6 на 7 ліпеня, па каталіцкаму – 24 чэрвеня). Сугучча слоў "купала" "купаць", "апускаць у ваду" ў народнай свядомасці прывяло да змешвання ў назве свята – Іван (Ян) Купала. У абрадах беларускага Купалля цесна перапляліся старадаўнія язычніцкія і больш познія хрысціянскія традыцыі. З Купаллем звязана шмат дзіўных легенд і паданняў. У народзе верылі, што ў гэтую ноч рэкі свецяцца асаблівым прывідным святлом, а ў іх водах купаюцца душы памерлых у абліччы русалак. Па зямлі ходзяць ведзьмы, ведзьмакі і духі, якія імкнуцца нашкодзіць чалавеку, расліны і звяры размаўляюць, а сонца на досвітку "гуляе". Здаўна ў Купаллі ўдзельнічалі ўсе жыхары паселішчаў ад малога да вялікага, бо толькі ўсеагульнае выкананне абрадаў забяспечвала дабрабыт. Першым рытуалам Купалля было ўрачыстае запрашэнне на свята. 3 песнямі і карагодамі абыходзілі хаты, запрашаючы да свята. У час абыхода кідалі вянкі на стрэхі хат нежанатых хлопцаў і незамужных дзяўчат. Потым грамада ішла да месца дзе было раскладзена вогнішча, якое заўсёды было на высокім месцы ля ракі ці возера. Усю ноч спявалі песні, вадзіліся карагоды, скакалі праз вогнішча, каб ачысціцца ад злых сіл і асцярагчыся ад іх, спальвалі іх антрапаморфную выяву. А ў гонар сонца на шастах або спускаючы з гары падпальвалі прасмаленае кола. Ля вогнішча частаваліся абрадавымі стравамі (яечняй), варажылі, плялі вянкі. Потым на словы “Ляці, ляці вяночак, лаві, лаві дружочак” кідалі на ваду вянкі і варажылі па іх руху. Часам вянкі кідалі праз вогнішча. Пасля скокаў праз вогнішча парамі ішлі шукаць "папараць-кветку", якая распускалася раз за год і вяртала чалавека да адзінства з прыродай: уладальнік пачынаў разумець шум дрэў, размову жывёл, птушак. Яна давала звышнатуральную здольнасць бачыць будучыню і знаходзіць схаваныя скарбы, але займець "папараць-кветку" мог толькі вельмі смелы чалавек. Заканчвалася свята ля ракі. Там назіралі за гульнёй сонца на паверхні вады. На гэта трэба было глядзець прыжмурыўшы вочы або не міргаючы. Каб убачыць як гуляе сонца, малыя дзеці прачыналіся і як мага раней беглі на раку. 3 асвечаных зёлак вілі вянкі і захоўвалі іх як сродак супраць нашэсця злой сілы. Лічыцца, што ў гэты дзень здзяйсняецца пераварот у свеце, быццам ходзяць па зямлі духі і ведзьмы. Потым дзяўчаты ў вянках станавіліся ўперамешку з хлопцамі, ствараючы карагод, і спявалі песню, у якой усхвалялі вартасці адных хлопцаў і недахопы другіх. Затым з карагода выходзіла дзяўчына і , кланялася ва ўсе бакі і выбірала хлопца да пары, які здымаў з яе покрыў і павязваў сабе цераз плячо або рукаў, а ўдзельнікі карагода спявалі. Дзяды Дзяды – свята беларускага народнага календара, звязанае з памінаннем продкаў (дзядоў). У славянскай міфалогіі "дзядамі" таксама называюць душы продкаў. У Беларусі Дзяды адзначаюцца некалькі разоў на год: масленічныя, радаўніцкія, траецкія (духаўскія), пятроўскія, змітраўскія. Галоўныя – Восеньскія Дзяды (3мітраўскія, Вялікія, Асяніны, Тоўстая вячэра, Хаўтуры), яны адзначаюцца ў лістападзе, але ў розных рэгіёнах у розныя дні (Міхайлаўскія Дзяды, Піліпаўскія Дзяды, 3мітраўскія Дзяды і інш.). У цэнтры абраду – вячэра ў памяць памерлых сваякоў. Рытуал Дзядоў у найбольш архаічнай форме захаваўся толькі ў беларусаў. У гэты дзень усе хатнія мыліся ў лазні і пакідалі крыху вады і венік для Дзядоў. Не шкадуючы прыпасаў, гатавалі вячэру. Продкаў трэба было добра пачаставаць, а потым і павесяліць, іначай, як лічылася, яны нашлюць неўраджай і розныя няшчасці. У некаторых мясцінах на рытуал запрашалі гасцей (звычайна сваякоў, суседзяў, а часам і жабракоў). Перад тым як сесці вячэраць, гаспадар тры разы абыходзіў са свечкай стол, адчынялі вокны і дзверы і клікалі па імёнах продкаў. У розных мясцінах на стол ставілі розную колькасць страў – дзе цотную, дзе няцотную (сем, адзінаццаць, дванаццаць), але, нягледзячы на гэта, у некаторых вёсках дазвалялася з'есці толькі тры стравы і выпіць тры чаркі. Сярод страў былі варанае і смажанае мяса, бліны, клёцкі, кісель, гарох з макавым малаком, крупнік з грыбамі або рыбай, верашка з каўбасой ды інш. На стол ставілі так званыя Дзедаўскую чарку і Дзедаўскую міску, куды кожны з прысутных адліваў напоі і адкладаў ежу. У час вячэры гаварылі толькі пра продкаў, прыгадваліся найбольш значныя выпадкі з іх жыцця, іх здольнасці, парады, запаветы, павароты лёсу, нават фізічныя асаблівасці.. Пасля вячэры гаспадар казаў: «Святыя Дзяды, вы сюды прыляцелі, пілі, елі, ляціце ж цяпер да сябе!» У многіх мясцінах на стале пакідалі рэшткі страў, бо лічылася, што душы продкаў будуць частавацца яшчэ да раніцы. Часам пасля вячэры весялілі Дзядоў. Былі песні, пляскі, маскарады. Пасля заканчэння вячэры свечку тушылі хлебнай скарынкай або блінам. Iснавала прыкмета: калі дым пойдзе ўверх – добра, а калі нахілена, асабліва ў бок дзвярэй, то ў сям'і нехта памрэ. Паводле павер'я, калі не спаць ноч пасля Дзедавай вячэры, то можна ўбачыць Дзядоў. У некаторых рэгіёнах Беларусі на Дзяды наведваюць могільнікі – робяць прыклады (нарубы, церамкі, каменныя пліты), абкладаюць магілы дзірваном, камянямі, ставяць крыжы. Пасля на магілах пакідаюць пачастунак. Часта ў гонар кожнага памерлага запальвалі асобнае вогнішча. 3 печы прыносілі гарачыя вуголлі, якія насыпалі на магілы, а гаршкі разбівалі ўшчэнт. |