|
БУЛАРУСКАЯ СЯДЗІБАУ шырокім сэнсе жыллё – гэта не толькі жылыя памяшканні, але і ўся сядзібная забудова, што складаецца з цэлага комплексу жылых, падсобных, гаспадарчых і прамысловых пабудоў, кожная з якіх выконвала свае, уласцівыя ёй функцыі і разам з тым цесна дапасавалася адна да адной, утвараючы гарманічнае цэлае – адзіны жыллёва-бытавы комплекс. Сядзібны компекс складаўся ўласна з жылля (хата), клеці, свірна, варыўні (стопка), склепа (пограб), павеці, адрыны (абарог)для сена, гумна, сушні, лазні, хлявоў, студні, вяндлярні, рамеснай майстэрні і інш. Большасць з гэтых пабудоў вядомыя паўсюдна ў Беларусі, некаторыя былі распаўсюджаныя ў асобных рэгіёнах, пры гэтым істотныя карэктывы ў іх геаграфію ўносілі тып паселішча і сацыяльны склад жыхароў. Кожная са згаданых сядзібных пабудоў адрознівалася сваімі функцыямі, памерамі, планіроўкай, канструкцыйнымі асаблівасцямі, займаючы пэўнае месца ў сістэме ўсёй забудовы. Клець Клець (камора, кладоўка, спіжарня, свіран) служыла для захоўвання збожжа, прадуктаў, бытавых рэчаў, адзення. Сустракалася як у комплексе з жыллём (хата + сенцы + клець), так і асобнай пабудовай, якая звычайна размяшчалася насупраць хаты. Зруб клеці ставіўся на высокія штандары, падлогу ўтвараў насціл шчыльна падагнаных дошак. У клеці каля сцяны адгароджваліся засекі для збожжа. Побач стаялі бочкі, кадоўбы ці саламяныя карабы з зернем, крупамі, мукой, макам, ільносемем, каноплямі і нш. Тут захоўвалі кубельцы з салам, бачонкі з квасам і іншым пітвом; на бэльках падвешваліся кумпякі, шынкі, каўбасы, кашы з паляндвіцай і іншымі мяснымі прыпасамі. Тут жа стаялі куфар ці кубел з тканінамі, адзеннем, ложак, дзе летам спалі маладыя члены сям’і. Клецей у гаспадарцы мясцовага селяніна бывае некалькі – па колькасці жанатых мужчын. Загадзя, напярэдадні вяселля, жаніх і яго бацька рупіліся аб уладкаванні асобнай клеці для будучых маладажонаў. Свіран Свіран (паўклець, клець, імбар, шпіхлер, лямус) – пабудова, блізкая да клеці па свайму функцыянальнаму прызначэнню. Свіран служыў для захавання адборнага збожжа і будаваўся, як правіла, асобна. Небагатыя гаспадаркі абыходзіліся адным памяшканнем – свірнам ці клеццю, якія часта фігуруюць як ідэнтычныя паняцці. У больш заможных сялян мы знаходзім адначасова клець (адну або некалькі) і свіран. Апошні прыкметна адрозніваўся ў Беларусі знешняй формай і канструкцыйнымі асаблівасцямі. Як і клець, ён будаваўся на высокіх штандарах ці палях (да 1 м над зямлей), меў, як і клець, грунтоўна ўладкаваную страху, а нярэдка і гарбатую столь, і шчыльную падлогу з засекамі для збожжа. Варыўня Варыўня (стопка, ісцепка, прыізбіца) – паўназемнае памяшканне, упушчанае на паўметра ў зямлю; служыла для захоўвання гародніны, садавіны, бульбы, малочных прадуктаў. Тут адгароджваліся адсекі, куды ссыпалі буракі, бульбу, моркву, рэпу. Бліжэй да ўвахода размяшчаліся кадушкі і бочкі з квашанай капустай, буракамі, агуркамі, хлебным квасам, сокам, півам, стаялі гладышы з малаком і інш. У сярэдзіне памяшкання месціўся невялікі ачаг-жароўня, куды ўзімку насыпалі гарачае вуголле (ці ставілі ганчарную або металічную пасудзіну з жарам). Варыўня бытавала ў сістэме сядзібных пабудоў не паўсюдна ў беларусі, а пераважна там, дзе блізка да паверхні падыходзілі грунтовыя воды, – на Палессі, у Паазер’і, часткова, ў басейне Бярэзіны і Немана. Склеп Склеп (пограб, лех, байрак) – заглыбленае ў зямлю памяшканне тыпу зямлянкі, прызначанае для захавання гародніны, бульбы, напіткаў і інш. Склеп і пограб не заўседы выяўляюць поўную ідэнтычнасць. Склеп, або лёх, часцей рабіўся ў сістэме жылля (пад сенцамі ці клеццю) і меў мураваныя, радзей драўляныя сцены. Паграбы рыліся асобна ад жылля, звычайна мелі наземнае збудаванне – паграбню ў выглядзе стрэшкі на сохах або зрубнай пабудовы. Да паграбоў вельмі блізкія ямы-сховішчы. Іх капалі звычайна воддаль ад сядзібы або ў лесе. Сустракаліся і паграбы-сховішчы, што ўладкоўваліся ў тоўстых полых пнях, пакрытых плашкамі і карой, або ў кадаўбах, зарытых у зямлю. Прататыпам паграбоў маглі служыць як звычайныя ямы, так і старажытныя жытлы-землянкі. Гумно Гумно (клуня, стадола, рыга) – гаспадарчая пабудова для захавання і абмалоту збожжа. У цэнтры гумна быў выбіты ток для малацьбы, па баках – застаронкі, куды складвалі снапы. Мела высокую страху, якая падтрымлівалася на некалькіх сохах (слупы з сукаватай развілкай уверсе), пастаўленых у адзін ці два рады. Гумны прыкметна адрозніваліся на Беларусі сваімі памерамі, канструкцыйнымі асаблівасцямі, унутранымі прапорцыямі, колькасцю варот, формай стрэх, наяўнасцю пры іх паўжылога памяшкання, адрыны і агнявой сушні для збожжа. Сушня Сушня (асець, еўня) была прызначана для сушкі збожжа ў снапах; будавалася непасрэдна ў гумне або побач з ім. Звычайна асець (ці восець) мела два паверхі (ярусы): на ніжнім – ладзілася печ-каменка, на верхнім – расстаўляліся неабмалочаныя снапы. Еўня (ці ёўня) уяўляла сабой больш простую пабудову тыпу лазні (дарэчы, яна нярэдка і выкарыстоўвалася як лазня). Адрына Адрына (пуня, сянніца) служыла для захавання сена, саломы, рознага сельскагаспадарчага інвентару, нярэдка – і транспартных сродкаў. Уяўляла сабой прасторнае зрубна-каркаснае памяшканне з шырокімі варотамі. Лазня Лазня (баня) будавалася на краі сядзібы або выносілася за яе межы да ракі, возера, крыніцы. Па сваіх канструкцыйных асаблівасцях у Беларусі вядомы лазні двух асноўных тыпаў – зрубныя і зямлянкі. Апошнія рабілі ў пясчаных схілах па берагах рэк, яроў, балак, пагоркаў, дзе зручна было іх будаваць. Апрача асноўных функцый лазні выкарыстоўвалі для сушкі льну. Часам сельская грамада будавала адну агульную ("кагальную") лазню. Стайня Стайня – памяшканне для ўтрымання коней, звычайна ўяўляе сабой пабудову, падзеленую на індывідуальныя для кожнага каня секцыі, якія называюцца праварыны. Вазоўня ці карэтная — тып збудавання ў сядзібе, у карчме ці аўстэрыі (буйная карчма ў вялікіх гарадах), дзе захоўвалі экіпажы. У сядзібе яна звычайна будавалася ля стайні. Млын Фальварковая шляхта, а пазней і заможныя сяляне ўзводзілі ў межах сваіх сядзіб млыны, сырніцы, вяндлярні (капцільні). У залежнасці ад рухаючай сілы млыны падзяляліся на вадзяныя, ветраныя (ветракі) і механічныя (конныя і валовыя), якія адрозніваліся паміж сабой канструкцыяй. Вадзяныя млыны вядомы з часоў Старажытнай Русі. Яны будаваліся на невялікіх рэках, дзе зручна было рабіць плаціны-запруды, устанаўліваючы тут вадзяное кола. Тэрмін іх дзеяння складаў 200–250 дзён у год (перапынкі ў рабоце былі звязаны з суровымі зімовымі ўмовамі і летнім абмяленнем рэк). Ветракі асабліва шырока распаўсюджваліся ў ХІХ – пачатку ХХ ст. Напрыклад, толькі ў адной Чырвонабудскай вобласці Гомельскага павета ў 1873 г. працавала 30 сялянскіх ветракоў. Па сваёй канструкцыі ветракі падзяляліся на шатровыя (яны мелі вялікія памеры і ў залежнасці ад напрамку ветру паварочваліся толькі верхняй часткай) і казловыя, так званыя казлоўкі невялікіх памераў на асявым слупе, што паварочваліся ўсім корпусам. У Паазер’і казлоўкі мініяцюрных памераў уладкоўваліся на колах; іх можна было перамяшчаць, запрэгшы коней. Многія ж сяляне ўладкоўвалі дома (у хаце, сенцах, клеці) невялічкія млынкі-жорны. Сырніца Сырніца, сырнік або сырня – гаспадарчае памяшканне для складвання і прасушвання сыру. Асабліва пашыраным на Беларусі будаўніцтва сырніц было ў другой палове XVIII ст. у час уздыму сельскагаспадарчай вытворчасці. У ХІХ ст., аднак, вытворчасць сыру ў фальварках прыходзіць у заняпад, памяншаецца колькасць сырніц, яны мяняюць сваё прызначэнне (прыкладам пераўтвараюцца ў свірны). У пачатку ХХ ст. сырніцы амаль не сустракаюцца. Інтэр’ер сырніц быў вельмі просты і складаўся з драўляных паліц для сушкі сыру. У выпадку, калі ў сырніцы меўся яшчэ й малочнік, тут маглі ставіцца гарнцы, маслабойкі, цэбры і інш. Вяндлярня Вяндлярня – пабудова для вэнджання шынак, каўбас і іншых мясных прадуктаў, сала і рыбы. Найбольш пашыраны вежавыя збудаванні з 4-схільнай ці шатровай страхой. Канструкцыйна вяндлярня падзялялася на 2 ярусы – на 1-м раскладалі агонь, на 2-м падвешвалі на жэрдках прадукты. Для ўсіх канструкцый вяндлярняў характэрна шчыльная падгонка элементаў, каб пазбегнуць страты дыму. Толькі ўверсе для яго выхаду праразалі адтуліны. На паліва выкарыстоўвалі лісцевыя пароды дрэў, асабліва сырую вольху, яблыню, тырсу, а таксама галлё ядлоўца. Вяндлярні былі пашыраны па ўсёй Беларусі, у апошнія гады сталыя збудаванні не робяць, а выкарыстоўваюць звычайную бочку без дна, злучыўшы яе накрытай траншэяй з невялікім паглыбленнем у зямлі для агню. Дым праходзіць па канаўцы ў бочку і акурвае прадукты. Больш халодны дым павялічвае якасць вэнджання. Тыпы сядзібнай забудовы |