|
ВОПРАТКА БЕЛАРУСАЎНацыянальны касцюм – важны элемент традыцыйнай культуры беларусаў. Касцюм уяўляе адно з самых устойлівых з'яў, а таму служыць неабходным атрыбутам пры вывучэнні этнічнай гісторыі народа, яго абрадаў і звычаяў. Пасля мовы народнае адзенне – найважнейшая этнічная прыкмета. Гістарычнае развіццё беларускага народнага адзення адбывалася ў непасрэднай сувязі з прыродна-кліматычнымі і сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі. Засцерагаючы чалавека ад холаду і спёкі, адзенне адпавядала таксама маральным патрабаванням, задавальняла эстэтычныя густы. У розныя часы і па-рознаму яно выконвала магічную і абрадавую функцыі, служыла сродкам адрознення паводле сацыяльнага паходжання, роду заняткаў. Па састаўных частках касцюма, спосабу нашэння, па кампазіцыйна-дэкаратыўнаму афармленню, каларыту і арнаменту можна было дазнацца, з якой мясцовасці чалавек, якое яго сямейнае становішча, узрост. Самабытнасць беларускага касцюма вызначае віртуозная распрацоўка дэталяў, кампазіцыйная завершанасць, спалучэнне дэкаратыўнасці і прадуманай практычнасці. Мастацкі вобраз касцюма ўскладнялі абавязковыя арнаментальныя ўпрыгожванні на рукавах, каўняры, фартуху, а так сама галаўныя ўборы. Беларускі касцюм адрозніваецца багаццем тэхнік афармлення. Гэта і вышыўка, і ўзорнае ткацтва, і карункі, і аплікацыя.
Традыцыйная адзенне было непарыўна звязана з некранутым на працягу многіх стагоддзяў укладам жыцця і натуральна ўпісвалася ў прыроднае асяроддзе. Праз час да нас дайшлі старажытныя формы, чысціня арнаментальных матываў, панаванне белага і чырвонага колераў. Пластыка і каларыт народнага касцюма дзейнічалі ў арганічным адзінстве са старажытнымі рытуальнымі традыцыямі, якія і па сёнешні дзень захаваліся на беларускай зямлі. Найбольш ярка самабытнасць традыцыйнага касцюма беларусаў выказалася ў жаночай вопратцы, якая складаецца з упрыгожанай кашулі і спадніцы (спадніцы – чырвоныя, сіне-зялёныя, у шэра-белую клетку, з падоўжанымі і папярэчнымі палосамі). У Беларусі вядома мноства варыянтаў гэтага паскавага віду адзення: андарак, cаян, панёва, летнік і інш. Строй дапаўняў фартух, дэкор якога гарманаваў з узорамі кашулі. У жаночы касцюм мог уваходзіць гарсет (камізэлька), багата упрыгожаны гафтам (вышыўкай) і дэкаратыўнымі нашыўкамі, альбо карункамі. Дапаўнялі касцюм пасталы (абутак з адзінага кавалка скуры), лапці або чорныя хромавыя чаравікі (чаравічкі). Асаблівай арыгінальнасцю і разнастайнасцю адрозніваюцца жаночыя галаўныя ўборы, якія вызначалі сямейнае становішча, узрост асобы. Дапаўненнямі да жаночага касцюма былі шматлікія шыйныя, нагрудныя ўпрыгожванні, кольцы, завушніцы, колькасць і каляровая насычанасць якіх насіла лакальны характар. У беларусак пераважалі шкляныя пацеркі і шкляныя нізкі, з абавязковай іконкай або крыжыкам.
Верхняя мужчынская і жаночая вопратка амаль не адрознівалася. Жаночае верхняе адзенне мела толькі большую колькасць аздаблення і упрыгожванняў. Верхнюю вопратку шылі з валенага нефарбаванага сукна (світа, сярмяга, бурка, латушка), дублёнай (казачына) і недублёнай (кажух) аўчыны. Насілі таксама кафтан, кабат. Верхняе адзенне мела некалькі тыпаў і адлюстроўвала геаграфію яго бытавання. Найбольш распаўсюджанай і характэрнай верхняй адзежай ў халодны час была світа, а ў летні час – насоў з грубага палатна. Пераважным колерам адзення ў беларусаў быў белы, на поўдні – шэры, а на паўднёвым Палессі – карычневы. Крой футраў (кажухоў) практычна не адрозніваўся ад крою світ. Як сінкрэтычны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва народны касцюм дае ўяўленне аб многіх традыцыйных рамёствах беларусаў: ткацтве, пляценні, ювелірным мастацтве, апрацоўцы скуры і інш. |