|
БЕЛАРУСКАЯ ХАТАХата з матчынай душою Р.Барадулін У народным уяўленні здаўна прасочваецца сувязь паміж пабудовай жытла і будовай сусвету. Хата асэнсоўвалася як частка сусвету. Пра сувязь з кірункамі свету памяталі, калі арыентавалі хату ў прасторы. Тая сцяна, на якой будуюць вокны, павінна была глядзець ці то на ўсход, ці то на поўдзень, але ніяк не на захад ці поўнач. І гэта абумоўлівалася не толькі патрэбамі асвятлення памяшкання. Дыяганаль покуць ("чырвоны кут") – печ і вызначала арыентацыю хаты ў прасторы сусвету. У народзе бытавала нават такое абрадавае дзейства: маці, сын якой быў у салдатах і ад якога даўно не было вестак, брала лусты першага навагодняга хлеба і клала на ноч у чатырох кутах хаты; калі раніцай усе яны цэлыя, то і сын цэлы і здаровы, а калі ж якая знікае, то і сын забіты ў той старане, на якую паказвае кут. Інтэр’ер хаты таксама адлюстроўваў будову сусвету. Жылая прастора (сярэдняя частка) – зямны свет, месца пражывання і жыццядзейнасці чалавека, гарышча – нябёсы. Ніжняя частка дома, якая ўключала парог, падпечак і склеп, лічылася месцам пахавання продкаў. Пазней ніжнюю частку хаты сталі выкарыстоўваць для захоўвання ("пахавання") бульбы і іншай гародніны. Менавіта ў ніжнім гарызонце дома закопвалі пупавіну дзяцей (у раёне парога – пупавіну дзяўчынкі, у раёне чырвонага кута – пупавіну хлопчыка). У гэтай структуры ролю самой зямлі, урадлівай глебы выконвала падлога. Таму так распаўсюджана было ў беларусаў абрадавае пасыпанне падлогі зернем. Напрыклад, раніцай Новага года спраўляўся абрад засявання: дзеці хадзілі па вёсцы з торбай, напоўненнай зернем, заходзілі ў хаты і, павітаўшы гаспадароў, імітавалі сяўбу, пасыпаючы падлогу жытам і ячменем, каб сёлета добра ўрадзіла. І на вяселлі пасыпалі зернем падлогу, каб дом ведаў багацце, дабрабыт. Столь у хаце сімвалізавала неба. Менавіта да столі ў чырвоным куце, што абазначаў усход, святло ў хаце, на Каляды падвешваўся саламяны "павук", які сімвалізаваў нябеснае свяціла. Вышэй столі ("неба") завоблачны свет, які абмяжоўваўся дахам хаты. Менавіта там, на гарышчы, паводле народных павер’яў, жылі духі памерлых продкаў (адсюль духавое акно – маленькае акенца пад дахам дома). На гэта паказваюць некаторыя беларускія абрады. Так, калі знахарка лячыла каго-небудзь у хаце, яна стукала венікам столь – клікала на дапамогу хвораму духа-заступніка сям’і. Гэтак жа клікалі духаў продкаў на дапамогу і падчас прыгатавання вясельнага караваю. А вось пры заручынах, калі пілі гарэлку, то рэшткі з кілішкаў выплюхвалі ўверх, да столі, таксама духам продкаў. Падзел хаты на часткі, што адпавядаюць сферам светабудовы, стасаваўся і са знешнім дэкорам хаты. Характэрнае ў гэтым плане дэкаратыўнае вырашэнне фасадаў. Так, афармленне шчыта (франтона) – верхняй трохкутнай часткі будынка, вядзе да небасхілу, па якім рухаецца дзённае свяціла. Таму на шчыце звычайна рабілі сімвалічныя выявы сонца. У адрозненне ад шчыта, што суадносіўся з нябёсамі, паверхня зруба хаты адпавядала зямной сферы сусвету. Дэкор у гэтай частцы будынка прыпадаў пераважна на вокны. Тут былі стылізаваныя выявы расліннага свету, жывёл, птушак – усё, што датычылася зямной сутнасці. Беларусамі хата ўспрымалася як прастора, абжытая чалавекам у вялікай неабжытай прасторы сусвету. Сцены, падлога, дах як элементы канструкцыі жытла валодалі функцыяй мяжы, якая аддзяляе ўнутранную прастору хаты ад знешняга свету, а вось дзверы і вокны, наадварот, ажыццяўлялі сувязь са знешнім светам. Пры супрацьпастаўленні асвоенай, дружалюбнай чалавеку ўнутранай прасторы хаты і неасвоенай, чужынскай прасторы знешняга свету дзверы і вокны лічыліся небяспечнымі пунктамі, праз якія сілы знешняга свету маглі пранікнуць у дом. Сялянская хата мела высокі парог і нізкія дзверы. Пераступанне цераз парог як мяжу паміж прасторай хаты і навакольным светам у народным побыце заўсёды суправаджалася рытуальнымі дзеяннямі. Напрыклад, калі варочаліся з царквы пасля хрышчэння, бацька клаў немаўлятка на некалькі хвілін на парозе, што звалася "асвятліць дзіця цераз парог". Так адзначаўся ўваход у хату новага члена сям’і. Падчас сватання сват, пераступіўшы парог, нізка кланяўся і казаў пахвалёнага, а потым у сваім слове велічаў парог "залатым". Свацці ж, пакуль не дагаворацца з бацькамі нявесты, не мелі права адысці ад парога. У час прыезду сватоў з жаніхом, калі яны праходзілі ў хату, жаніх павінен быў стаяць ля парога, бо не быў яшчэ прыняты як суджаны. А вось калі малады прыязджаў у хату нявесты ў дзень вяселля, яе маці станавілася са свечкай на парозе і, падняўшы талерку з хлебам і соллю, трымала, пакуль пад ёю не праходзілі цераз парог усе, хто прыехаў. Пра небяспечнасць парога можна меркаваць і з павер’я, што кінутыя на парозе рэчы нельга падымаць, бо яны могуць быць зачараваныя. Калі сувязь са знешнім светам праз дзверы ацэньвалася як рэгламентаваная, то сувязь праз акно як нерэгламентаваная. Калі ў дзверы праходзілі людзі, то у вокны – духі. Так, праз акно кантактавалі з душамі памерлых продкаў, што сыходзілі з неба. Таму на святкаванне Асянін (асенніх Дзядоў) лыжку кожнай абрадавай стравы клалі ў асобную пасуду на падаконніку – для памёрлых продкаў. Калі ж у час абрадавай вячэры зазвініць шыба, значыць, душы продкаў прыйшлі і нябачна прысутнічаюць на абрадзе. Праз вокны, лічылася, могуць пранікнуць у хату ведзьмакі і вядзьмаркі, таму, каб абараніцца ад іх, шыбы часам абкладавалі крапівой, за якой прызнавалі засцерагальныя ўласцівасці, а тры невялікія акенцы зачыняліся на ноч драўлянай засаўкай. Нерэгламентаванасць сувязі знешняга свету і ўнутранай прасторы хаты праз акно відаць і ў калядным абрадзе падслухоўвання пад вокнамі, і ў спяванні свавольных шчадровак пад вокнамі хаты. Характэрна, што свавольнасць песень шчадроўшчыкаў заўважна зніжаецца, калі яны ўваходзяць у дзверы, а тут іх спяванне набывае афарбоўку слаўлення гаспадароў. Абсталявання хаты ўключала ў сябе печ, стол, лавы, палаці. Прастору паміж печчу і тарцовай сцяной займаў насціл для адпачынку, над якім мацаваліся палаці, дзе звычайна спалі старыя. Уздоўж сцен стаялі шырокія лавы. Перад печчу ў хаце звычайна былі прымацаваныя да бэлек перакрыцця дзве паралельныя жэрдкі, на якіх сушылі адзенне, ручнікі і пучкі травы, складвалі маткі нітак, кудзелі льну і інш. Супраць печы – "Бабін кут". Там каля дзвярэй – кадушка для вады, далей на лаве – драўляныя вёдры, даёнка, сальніца і інш. Над лавай вісела паліца з посудам, побач – лыжачнік (драўляная планка з гнёздамі для лыжак). Каля самых дзвярэй на гаку вісела верхняя вопратка. Параднай часткай хаты быў "чырвоны кут" (покуць). На покуці развешвалі абразы, убраныя ўзорнымі ручнікамі, пучкі асвечаных у царкве жытнёвых каласоў i траў. Людзі, якія заходзілі ў хату, адразу ж хрысціліся i кланяліся у чырвоны кут, дзе вісела ікона. Месца за сталом у чырвоным куце лiчылася самым пачэсным, яго звычайна займаў гаспадар хаты. Але ён павiнен быў сядзець на невялiкай адлегласцi ад яго, як бы пакiдаючы месца для Бога. Тут жа сядзелі і маладыя ў час вяселля. У чырвоным куце ставiлi рытуальныя рэчы, напрыклад, гаршчок з "Бабiнай кашай", першы i апошнi сноп пасля жнiва, якi зваўся Дзедам. Яго падпярэзвалi чырвоным рушнiком i захоўвалi да наступнага жнiва. Пры ўваходзе ў хату чалавек павiнен быў абавязкова перахрысцiцца перад iконай у чырвоным куце, i толькi пасля гэтага пачынаць размову з гаспадарамi хаты. Пасля смерцi памерлага чалавека клалi спачатку на лаву, а потым у труну, галавой да чырвонага кута i нагамi да выхаду. Кiруючыся законам перавернутасцi ў народнай культуры славян, жывыя павiнны спаць галавой да выхаду. У той жа час забаранялася спаць пад абаразамi, г.зн. у непасрэднай блiзкасцi да "чырвонага кута". Будаўніцтва хаты суправаджаў працяглы, шматскладовы абрад, які складаўся з трох асноўных этапаў: закладка дома, яго ўзвядзенне і, нарэшце, засяленне. Кожны з трох этапаў быў напоўнены шматлікімі рытуальнымі дзеяннямі, якія мелі сакральна-магічную скіраванасць і былі закліканы "забяспечыць" поспех будаўніцтва, а таксама дабрабыт і росквіт гаспадароў будучай хаты. Адным з найважнейшых аспектаў, які варта было ўлічваць пры будаўніцтве дома, быў выбар месца для ўзвядзення жылля. Лічылася, што ўдала выбранае месца для будучай хаты забяспечыць яго гаспадарам шчаслівы лёс і сямейны дабрабыт. Добрым лічылася тое месца, дзе збіралася хатняя птушка, дзе апоўдні адпачывала свойская жывёла: для гэтай мэты адмыслова выпускалі кароў і авечак і сачылі, дзе яны ўлягуцца, там абавязкова ўзводзілі дом. Адным з найбольш спрыяльных лічылася месца, на якім быў мурашнік чорных мурашак. Яго беражліва пераносілі на іншае месца і некаторы час сачылі за тым, як ён будзе абжывацца: калі мурашы хутка асвояцца з новым месцам, гэта лічылася добрай прыкметай і своеасаблівым благаслаўленнем нябесных сіл. Новую сядзібу нельга было пачынаць будаваць:
У народнай культуры існавала ўяўленне аб так званых "нячыстых" месцах, на якіх таксама нельга было пачынаць пабудову новага дома. Да іх звычайна ставіліся нізкія, багністыя месцы, сметнікі, бойні і жывёльныя могільнікі. Выклікалі хваляванні месцы, звязаныя са знаходжаннем нячыстай сілы: на старых закінутых дарогах, скрыжаваннях дарог; на месцы старога млына, высмаглай або закінутай студні. Непадыходнымі для будаўніцтва былі:
Не менш адказным этапам быў выбар будаўнічага матэрыялу. Для будаўніцтва дома нельга было выкарыстоўваць дрэвы, якія выраслі ля святых крыніц, асабліва каля калодзежа (студні) ці млына. У адпаведнасці са старажытнымі ўяўленнямі, студня і млын з'яўляліся месцамі пражывання нячыстай сілы і своеасаблівымі памежнымі зонамі сыходжання двух светаў – жывых і продкаў. У сувязі з гэтым лічылася, што дрэва, якое вырасла ў гэтай небяспечнай зоне, магло прынесці ў новы дом няшчасце: спусташэнне і смерць дамачадцаў. У якасці будаўнічага матэрыялу не выкарыстоўвалі рыпучыя дрэвы (каб жыхары хаты не сталі беспадстаўна кашляць), высахлыя на корані (каб людзі і жывёлы не пакутавалі "сухотамі"), паваленыя бурай і абпаленыя маланкай (каб беды дрэў не перанесліся на лёс узведзенага жылля). У народнай культуры склалася разгорнутая сістэма ўяўленняў аб свеце раслін і дрэў, у якой кожны прадстаўнік мясцовай флоры надзяляўся адмысловымі якасцямі. Ведаючы пра гэта, чалавек цураўся аднаго дрэва, якое карысталася благой славай, напрыклад, асіна, а разам з тым ішоў па дапамогу да іншага, перш за ўсё да шэрагу шыракалістых дрэў. У славян найбольш стрыманым было стаўленне да асіны і яліны. Асіна – адзінае дрэва, якое мае чырвоны (крывавы) колер драўніны. У адпаведнасці з паданнем, менавіта на асіне павесіўся Юда – вучань, які выдаў свайго настаўніка. З тых часоў нават пры поўнай атсутнасці ветру, лісце гэтага дрэва неспакойна калышыцца, як напамін пра некалі здзейснены грэх. Яліна ў славянскіх народаў лічылася дрэвам, якое забірае сілу, таму яе цураліся. Асабліва небяспечнымі для чалавека былі "гушчары". Нават вонкава дрэва выглядае так, быццам найбольш тоўстыя галіны, якія знаходзяцца ля самай зямлі, адштурхваюць (адганяюць) чалавека ад сябе. Сасна ў культуры многіх народаў успрымалася як дрэва са станоўчай энергетыкай, таму ва ўсходніх славян яна служыла найбольш прыдатным матэрыялам для ўзвядзення хаты. З гэтай нагоды ў беларусаў ёсць прымаўка: У сасновым лесе – маліцца, у бярозавым – любіцца, у дубовым – волю каваць, у яловым – душу д'яблу прадаваць. Самым святым дрэвам ва ўсходніх славян з'яўляецца дуб. Найважнейшая ўласцівасць яго драўніны – выключная шчыльнасць, якая спрыяла доўгачасовай захаванасці, таму ствалы дуба выкарыстоўвалі толькі для закладкі першага вянка – падрубу. Такім чынам, звычайны вясковы дом, прызваны ў першую чаргу абараніць чалавека ад атмасферных ападкаў, зімовай сцюжы, стварыць яму ўмовы камфортнага існавання, паступова пераўтвараўся ў сваеасаблівы цэнтр светабудовы. Дом станавіўся храмам сям'і, месцам нараджэння чалавека і месцам яго смерці. |