|
Тыпы сядзібнай забудовыРазнастайныя пабудовы размяшчаліся на сядзібе ў пэўнай паслядоўнасці і ўзаемазалежнасці, утвараючы той ці іншы кампазіцыйны і архітэктурна-планіровачны малюнак. На тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны наступныя асноўныя тыпы дваровай пабудовы: замкнутая (вяночная), аднарадная (пагонная), двух- і трохрадная, Г-падобная (сцяжковая) і свабодная (рассеяная, з незвязанымі пабудовамі). Кожны з гэтых тыпаў меў, акрамя таго, прыватныя ці пераходныя варыянты, што выяўлялі пэўныя лакальныя і сацыяльныя рысы. На поўначы і паўночным усходзе прыкметна пераважала замкнутая сістэма забудовы, што была шырока распаўсюджана і ў суседніх рускіх губернях. Жыллё і гаспадарчыя пабудовы размяшчаліся па перыметры двара. Да жылля (з боку сенцаў) прымыкалі хлявы, якія ў глыбіні двара заканчваліся адрынай. Насупраць хаты ставілі клець, да яе стасаваліся павець (для дроў і сельскагаспадарчых прылад), свіран, вазоўня. Нярэдка хлявы для буйной рагатай жывёлы і свіней будавалі па адзін бок двара, а канюшню і аўчарню – па другі, побач з адрынай – сянніцай. Адным з варыянтаў замкнутай сістэмы забудовы быў двор з кампактным размяшчэннем жылых і гаспадарчых памяшканняў, якія будаваліся ў адзіным комплексе. У адным выпадку гаспадарчыя памяшканні будаваліся побач з жыллём пад высокай страхой-паветкай. У другім – хлявы прымыкалі да падоўжанага тыльнага боку жылля, маючы з ім агульную сцяну. Агульным сувязным памяшканнем для іх з’яўляліся сенцы, якія мелі выхад на ўсе чатыры бакі: у хату, варыўню, на двор і ў хлявы. Не менш распаўсюджанай у ХІХ – першай палове ХХ ст. была аднарадная (пагонная) сістэма забудовы. Пабудовы ў гэтым выпадку ўтвараюць адзіную аднарадную сувязь: следам за хатай і сенцамі размяшчаліся клець або варыўня, павець, хлявы, адрына. У Панямонні, а таксама ў заходніх раёнах Палесся сустракаўся своеасаблівы варыянт аднараднай забудовы з двума дваровымі комплексамі, што належалі розным гаспадарам і размяшчаліся на адным сядзібным участку, выцягнуўшыся ў адзін доўгі пагон. У Беларусі быў вядомы і двухрадны тып забудовы, які ўяўляў сабой прамежкавы варыянт паміж замкнутым і аднарадным тыпамі. У Падняпроўі і Усходнім Палессі нярэдка сустракалася і Г-падобная (сцяжковая) забудова; звычайна тут услед за жыллём ставілі клець, адрыну, хлявы. Як паказваюць этнаграфічныя матэрыялы, на тэрыторыі Беларусі сустракаліся амаль усе асноўныя тыпы сядзібных забудоў, што былі ўласцівы шырокай зоне славянскага рассялення. Кожны з гэтых тыпаў адрозніваўся прыватнымі асаблівасцямі і меў свае варыянты. У самой планіроўцы сядзібных забудоў не было строга вызначаных, цвёрдых канонаў. Кожны гаспадар улічваў функцыянальную мэтазгоднасць, узаемасувязь і лагічную завершанасць асобных пабудоў і ўсяго архітэктурнага ансамбля, узгадняючы іх з канкрэтнымі патрабаваннямі. |