• Галоўная
  • Паселішчы беларусаў
  • Беларуская сядзіба
  • Беларуская хата
  • Вопратка беларусаў
  • Традыцыйныя рамёствы
  • Народныя святы
  • Літаратура

Вярнуцца на сайт

ХАТА З МАТЧЫНАЙ ДУШОЮ

Матчына хата

Лазой згінаючыся ніцай,

Дзяды прасілі абразы:

-Не дай Бог тры разы жаніцца,

Не дай сяліцца тры разы!...

Жылі ці бедна, ці багата,

Ды як вядзецца з тых вякоў,

Агорвалі так-гэтак хату

Прапрадзеды, бацькі бацькоў.

Замочвалі з будаўнікамі

(Бо быў заклён вядомы ім)

І падмуроўкі першы камень,

І першы цвік, і першы дым.

Каб абміналі хату сваркі,

Каб сёе-тое ў кубле мець,-

Тулілі пасля добрай чаркі

У вугал серабро і медзь...

Каб дамавітасць сцены зналі,

Пускаўся ў хату першым кот.

Хлеб-соль на стол яловы клалі,

Счарсцвелы, каб не йшоў на звод.

А што чакае ў новай хаце –

Казалі першай ночы сны.

Лучына ела вочы маці,

У сілу браліся сыны.

Сусед дапамагаў парадай

Ды бедаваннем над жыццём.

Гасцю былі заўсёды рады,

Хоць хлеб не частым быў гасцём.

Не сеялі на сіта мліва –

Мірыліся і з асцюком.

Жылі і клаліся маўкліва

У дамавіну – вечны дом.

Хай будуць сцежкі невядомы

І гору і бядзе ў той дом,

Што мы завём бацькоўскім домам,

Што хатай матчынай завём.